СЕМІ́ТА-ХАМІ́ЦКІЯ МО́ВЫ, афразійскія мовы,

макрасям’я моў, пашыраных ў Зах. Азіі, Паўн. Афрыцы, на в-ве Мальта; арабскамоўныя прадстаўнікі С.-х.м. жывуць таксама ў шматлікіх краінах па-за межамі асн. моўнага арэала. Сучасныя даследчыкі падзяляюць С.-х.м. на 6 груп: семіцкія мовы (арабская мова, іўрыт, мальтыйская, амхарская, мехры, джыбалі, грай; мёртвыя — ханаанейская, угарыцкая, фінікійская, стараж.-арамейская, мінейская, гафат, гаэз і інш.); берберскія мовы (берабер, шлех, туарэг, гхат, аір, зенага, ціндуфт, кабільская і інш.; мёртвыя — лівійская, нумідыйская, гетульская); чадскія мовы (хаўса, ангас, боле, варджы, тэра, мубі і інш., усяго больш за 150); кушыцкія мовы (беджа, сідама, самалі, алагва, кафа і інш.); амоцкія мовы, або зах. падгрупа кушыцкай групы: амета, яма, кафа, моча і інш); егіпецкая група (копцкая мова, мёртвая — стараж.-егіпецкая). С.-х.м. надзвычай стракатыя ў тыпалагічных адносінах з прычыны іх глыбокай старажытнасці і мноства іншамоўных кантактаў. Ім уласцівы: у фанетыцы — траістае проціпастаўленне зычных (глухі—звонкі—«эмфатычны»), багатая сістэма афрыкат і сібілянтаў, гартанная змычка, доўгія і кароткія галосныя; у марфалогіі — разгалінаваная сістэма вытворных дзеяслоўных асноў, т.зв. парод, наяўнасць катэгорый ліку, роду, часткова склону. Да С.-х.м. адносяцца сістэмы са стараж. пісьмовымі традыцыямі. Найб. значныя віды пісьма: егіпецкае пісьмо, угарыцкае пісьмо, арабскае пісьмо, эфіопскае пісьмо і інш.

Літ.:

Дьяконов И.М. Семито-хамитские языки. М., 1965;

Порхомовский В.Я. Афразийские языки // Сравнительно-историческое изучение языков разных семей: Задачи и перспективы. М., 1982.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 14, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)